АФІЦЫ́ЙНАЯ МО́ВА,

мова, што выкарыстоўваецца для ўрадавых і інш. дзелавых патрэб. У сацыялінгвістыцы паняцце «афіцыйная мова» ўжываецца ў проціпастаўленні паняццю нацыянальная мова. І калі апошняя скіравана на ідэнтыфікацыю нацыі, згуртаванне народа ў адзіную нацыю, прызначэнне афіцыйнай мовы хутчэй утылітарнае, чым сімвалічнае. Неабходнасць выкарыстання абодвух тэрмінаў выклікана гіст., паліт., этнічнымі і інш. фактарамі, што вызначаюць моўную сітуацыю ў пэўнай краіне.

На практыцы абодва тэрміны ўжываюцца не строга, а ў адпаведнасці з паліт. мэтамі ўрада. Так, у Парагваі гуарані і ісп. мовы аб’яўлены нацыянальнымі, але іспанская — афіцыйная мова. У Танзаніі наадварот: нац. мова — суахілі, а суахілі і англ. — афіцыйныя мовы. У краінах, што лічаць сябе моналінгвальнымі (аднамоўнымі), — адна і тая ж мова служыць для абедзвюх мэтаў. У полілінгвальных (шматмоўных) дзяржавах адна з моў можа быць аб’яўлена нац. па паліт. меркаваннях — для замацавання нацыянальнасці (напр., іўрыт у Ізраілі, інданезійская ў Інданезіі). Але калі такая мова не ў стане задавальняць усе камунікатыўныя патрэбы краіны (урада) у знешніх і ўнутр. зносінах, пэўная мова прымаецца ў якасці афіцыйнай мовы (напр., арабская ў Ізраілі, французская ў Заіры, Чадзе). Афіцыйную мову выкарыстоўваюць у выпадку, калі выбар нац. мовы праблематычны (напр., у Індыі 14 нац. рэгіянальных моў прызнаны афіцыйнымі мовамі побач з англ. і хіндзі).

Значымасць нац. або афіцыйнай мовы можа быць замацавана ў юрыд. актах і дакументах (канстытуцыі, спец. законе аб мовах і інш.), ёй можа быць нададзены статус дзяржаўнай мовы.

А.Я.Міхневіч.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)